сцэнарыі святаў на беларускай мове

Іна МАКАРАВА, музычны кіраўнік дзіцячага сада № 20 Салігорска. Пралеска 1996/1

Ой, вясёлае сёння свята

Свята кірмашу для дзяцей старэйшай і сярэдняй груп

У музычнай зале на сталах вырабы з саломкі, гліны, цацкі, лялькі, стужкі, хусцінкі і г. д. Пад музыку “Весялухі" дзеці ўваходзяць у залу і становяцца каля стульчыкаў.

Вядучая. Усе тут ці не?
Дзеці. Усе!
Вядучая. Што, сябры, для жыта трэба?
Дзеці. Ну, вядома, трэба глеба.
Вядучая. А для птушкі?
Дзеці. Вышыня.
Вядучая. А для казкі?
Дзеці. Цішыня.
Вядучая. Ну, а што для весялосці?
Дзеці. Каб часцей бывалі госці!
1-е дзіця.
Рукі ў бокі, рукі ў бокі!
Пойдзем ў скокі, пойдзем ў скокі!

Танец “Весялуха”.

2-е дзіця.
Ой, вясёлае сёння свята!
I гасцей тут у нас багата!
3-е дзіця.
Да нас на свята запрашаем
I сардэчна вас вітаем!
Хлопчык і дзяўчынка (разам).
I дарослых, і дзяцей,
I шаноўных ўсіх гасцей!
4-е дзіця. Людзі добрыя, вітаем!
5-е дзіця.
Я ў вас вось што запытаю:
Адкажыце, госці, мне,
Ці вам добра тут, ці не?
Госці. Добра!
Вядучая.
Вельмі добра, калі так.
Будзем свята мы вітаць.

Беларуская народная песня “Чаму ж нам ня пець?” у выкананні дзяцей старэйшай групы.

Вядучая. Слаўную песню вы праспявалі, малайцы! А зараз паедзем на кірмаш. Там мы ўбачым шмат чаго цікавага.
Выхавацель. А на чым мы паедзем? У нас жа нічагусенькі няма!
Вядучая. Як гэта на чым? Ды на тым, на чым Людзі раней ездзілі на кірмашы.
Выхавацель. На кабыле? А дзе ж мы яе возьмем?
Вядучая. Зараз паклічам:
Сіўка-бурка, слаўная буланка!
Адвязі ты ўсіх нас на святочны наш кірмаш!

Адчыняюцца дзверы, кабыла прабягае па зале і становіцца каля вядучай, капытом, матляе галавою, іржэ.

Ну вось, бачыце, і кабыла ў нас ёсць. Можна ехаць на кірмаш.

Выхавацелі запрашаюць дзяцей стаць за кабылай. Вядучая вядзе яе Дзеці спяваюць:

А Васіль дарог не знае, у кабылы запытае,
А кабылка — пад масток, а ён яе— за хвасток:
— Стой, стой, мая міла, каб ты воза не пабіла (2 разы),

Кабылка падае.

Вядучая. Ай-яй-яй? Што гэта здарылася?
Выхавацель. Ды яна ж не падкаваная
! Вядучая. Вось няўдача, дык няўдача! А як жа нам на кірмаш трапіць?
Выхавацель. А мы зараз паклічам майстра.
Вядучая. Якога майстра?
Выхавацель. Такога чалавека, які на ўсе рукі майстар.
Вядучая. А хто ён такі?
Выхавацель.
Мы дзяцей лепш запытаем:
Хто нам казак больш набае?
Дзеці. Несцерка!
Выхавацель. Хто нам песню заспявае?
Дзеці. Несцерка!
Выхавацель. У каго гасцінцы ёсць?
Дзеці. У Несцеркі!
Выхавацель. А хто ў бядзе нам дапаможа?
Дзеці. Несцерка!
Выхавацель. Дык паклічам яго, дзеці!
Дзеці. Несцерка! Несцерка!

Уваходзіць Несцерка.

Несцерка. Дзень добры, сябры! Эге! Колькі вас тут сабралася!
Але дзе ж гэта я апынуўся? (Азіраецца.) А Божа! Як тут шчасна! Як тут ясна! Браткі мае любыя, гэта ж я на свята трапіў!
Вядучая. На свята, Несцерка. Гэта мы цябе сюды паклікалі. Нам вядома, што ты мастак да ўсялякіх забаў. Так ці не так?
Несцерка. Так-так, я ўсюды быў, дзівы дзіўныя страчаў.
Вядучая. А што ты там цікавага бачыў?
Выхавацель. Бачыў карову, што люльку курыла?
Несцерка. Бачыў!
Вядучая. А ці бачыў авечку, што несла яечкі?
Несцерка. Бачыў!
Выхавацель. Бачыў камара, які поле араў? -
Несцерка. Бачыў! Бачыў!
Вядучая. А ці бачыў каваля, які б нашу кабылу падкаваў?
Несцерка. Каваля? Дык я ж сам каваль!

Дзеці спяваюць прыпеўку:

Я праз кухню ішла,
Малаток знайшла.
Падкуй, каваль, капыток,
Падарую малаток.

Дзеці рытмічна пляскаюць у далоні і тупаюць нагамі, Несцерка “падкоўвае кабылу”. Пад гэтую ж музыку дзеці абыходзяць залу па кругу ўслед за кабылай.

Несцерка. А вось і кірмаш!
Гэй, добрыя людзі!
Паглядзіце, што будзе!
На забавы спяшайцеся!
Ды не вельмі штурхайцеся!

Кабыла падбрыквае, іржэ і ўцякае з залы.

Вядучая. Як мы зараз прыехалі на кірмаш, дык давай, Несцерка, гарлачыкі купляць.

Гульня “Гарлачыкі ”.

Выхавацель. На кірмаш як быццам усіх запрасілі, а вось гандляроў забыліся паклікаць.
Несцерка. Ну што ж, тады паклічам іх. Гэй, гандляры, выходзьце!

Выхавацель надзявае тром дзецям- гандлярам корабы.

1-ы гандляр. Паклон вам, людзі дарагія, старыя і малыя!
2-і гандляр. Жыхароў кожнай хаты запрашаем на свята!
3-і гандляр. Беларускае! Народнае! Вясёляе! Карагоднае!
Несцерка. Ай дык гандляры! Вельмі ў вас тавары прыгожыя! Трэба і мне нешта купіць у вас. (Купляе хусцінку.) А зараз гэтую хусцінку я падарую самай прыгожай дзяўчынцы.
Вядучая. А ў нас усе дзяўчынкі прыгожыя, выбірай любую.

Несцерка аддае адной з дзяўчынак хусцінку.
Карагод “Хусціначка” выконваюць дзеці сярэдняй групы.


1-ы гандляр. Спяшайцеся на кірмашы купляць абновы па душы!
2-і гандляр. А той, хто пакажа свой спрыт, увесь год будзе радасцю сыт!

Несцерка праводзіць гульню “Нос, нос, нос, лоб”. Уваходзіць бабка з бычком.

Вядучая. Ну, што ты, Несцерка, на нашым кірмашы жадаеш сабе купіць?
Несцерка. А вунь таго бычка, што бабка прадае (падыходзіць да яе). Дзень добры, бабулечка!
Бабка. Добры дзень, чалавеча! А чаго ж ты хочаш?
Несцерка. Вельмі спадабаўся мне твой бычок, вунь які ён драбненькі, але ж прыгажэнькі! Можа, прадасі?
Бабка. А што ты з ім будзеш рабіць?
Несцерка. Як гэта што? Падгадую, падкармлю, а потым... (паказвае жэстам, што зарэжа яго).
Бабка. Што-о? Ану, прэч адсюль! Бач, які знайшоўся! Рэзаць будзе! (Замахваецца на яго, той адступае.)
Несцерка. Прабач мне! Я яго чыстаю вадзіцай буду паіць ды свежай траўкай карміць.
Бабка. Свежай, кажаш, без нітратаў?
Несцерка. Ну, вядома ж! Прадай, га?
Бабка. Усё роўна не прадам!
Несцерка. Ну чаму?
Бабка. А таму! (Паварочваецца да яго спінаю.)
Несцерка. Дзетачкі мае, каханенькія-родненькія! Дапамажыце, калі ласка, угаварыць бабку прадаць бычка.

Беларуская народная песня “Ой, да прадай, бабушка, бычка ” ў выкананні дзяцей, Несцеркі і бабкі. У канцы песні бабка пытаецца: "А колькі дасі?”

Несцерка. Пяць талераў!
Бабка. Добра, бяры!
Несцерка. Вялікае дзякуй!

Несцерка кланяецца ёй, потым бярэ бычка і хоча ісці.

Бабка. Стой! Куды? А грошы?
Несцерка. Вой, людцы добрыя! Я ж ад радасці так разгубіўся, што нават і пра грошы забыўся. Даруй, калі ласка! Вось твае грошы! (Вымае з мяшэчка грошы і аддае бабцы, якая іх пералічвае, хавае ў хустачку і выходзіць з залы.)
А зараз я пайду да гандляроў, можа, яшчэ што прыдбаю.

Несцерка разглядвае тавар і купляе дудачку.

Вядучая. Ну, што ты, Несцерка, яшчэ купіў?
Несцерка. Сапраўдную дудачку.
Вядучая. А зайграць на ёй ты зможаш?
Несцерка. Паспрабую! (Дзьме ў дудку, але яна не іграе.)
Вядучая. Нічога ў цябе не атрымліваецца. Паглядзі, якія ў нас ёсць дудары, а завуць іх Саўка ды Грышка.
Саўка. Без музыкі, без дуды ногі ходзяць не туды.
Грышка. А як дудачку пачуюць, самі, родныя, танцуюць.

Танец “Саўка ды Грышка’’ выконваюць дзеці старэйшай групы: Гульня “Схавай рукі ”.

Несцерка.
Хай той запляскае у ладкі,
Хто любіць бульбу і аладкі!
Дзеці. Мы! Мы! (Пляскаюць у ладкі.)
Несцерка. Ну, калі вы любіце аладкі, дык мы зараз паглядзім, хто ўмее іх так пекчы, каб яны не пагарэлі ў печцы.

Гульня “Блін гарыць", 3'яўляюцца гандляры з блінцамі.

Несцерка. Зноў да нас гандляры завіталі! Ды з чым? 3 блінцамі—смачнымі, духмянымі! Я купляю ў вас блінцы, каб пачаставаць дзяцей ды гасцей (купляе). Вось бачыце—не ўсе блінцы пагарэлі, вунь колькі іх вам засталося!
Хто лянівы ды нясмелы,
Дык таму блінок гарэлы.
Хто адважны ды старанны,
Дык таму блінок румяны.
Дзеці. А нам?!
Несцерка.
Таксама дам! Як усе вы—малайцы,
Вам—найлепшыя блінцы!

Несцерка разам з выхавацелямі частуе ўсіх блінамі.
Шчыра вам жадаю, каб жылі ў дастатку,
Каб у жыцці вашым ўсё было ў парадку.
Да пабачэння! Бывайце здаровы!

Несцерка выходзіць з залы.

Вядучая. Ну вось, дзеці, і пабывалі мы з вамі на кірмашы, трэба і дадому збірацца. А дзе ж гэта наша кабыла?
Выхавацель. Некуды збегла! Трэба яе паклікаць. Давайце, дзеці, скажам разам:
Сіўка-бурка, слаўная буланка!
Адвязі ты нас назад, ў родны наш
Дзіцячы сад!

Забягае кабыла, дзеці становяцца за ёю і з песняй:

— Ой, дадому, госцейкі, дадому,
Бо паелі конікі салому! —
выходзяць з залы і ідуць у свае групы.

Яшчэ на гэту тэму:

Восеньскі кірмаш     Музычны кірмаш